ТРАЎМАТАЛО́ГІІ І АРТАПЕДЫ́І БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. 25.5.1930 у Мінску як Дзярж. ін-т фтызіятрыі, артапедыі і неўралогіі. З 1944 Мінскі НДІ траўматалогіі і артапедыі, з 1945 Мінскі НДІ артапедыі і аднаўленчай хірургіі, з 1957 НДІ траўматалогіі і артапедыі. З 2001 Дзярж. ўстанова Беларускі НДІ траўматалогіі і артапедыі. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка і ўкараненне новых методык дыягностыкі і лячэння пухлін касцей і суставаў; хворых з пашкоджаннем пазваночніка і спіннога мозга, што суправаджаецца паралічом (парэзам) канечнасцей; хворых з вострай і ўскладненай траўмай і распрацоўка мед. аспектаў траўматызму; дыягностыкі і лячэння суставаў (артраскапія, эндапратэзаванне і інш. рэканструкцыйна-аднаўленчыя аперацыі на суставах); траўматалагічнай і артапедычнай паталогіі ў дзяцей і падлеткаў. У ін-це ў розны час працавалі Б.Н.Цыпкін, М.Н.Шапіра, Р.Х.Мініна; працуюць Я.Дз.Белаенка (з 1993 дырэктар), І.Р.Варановіч, Я.А.Пашкевіч, А.М.Сакалоўскі і інш.
т. 15, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)